Абмяркоўваем кнігу "Перамена месцаў" Югасі Каляды
Шукаеце нешта сапраўды цікавае, што чытаецца на адным дыханні? Запрашаем вас на ўтульную сустрэчу нашага кніжнага клуба, на якой будзем абмяркоўваць кнігу сучаснай беларускай пісьменніцы Югасі Каляды — «Перамена месцаў».
Пра што кніга?
Уявіце: 2017 год, новы цягнік Мінск — Гомель. Дзве зусім розныя пасажыркі — уплывовая суддзя Альбіна і беспрацоўная Маня з вёскі — выпадкова міняюцца месцамі. А на наступную раніцу разумеюць, што памяняліся... яшчэ і целамі! Цяпер Мані давядзецца ісці ў суд і вяршыць лёсы, а Альбіне — неяк будаваць стасункі з Маніным мужам, які не начаваў дома.
Але не думайце, што гэта проста камедыя палажэнняў! За інтрыгуючым сюжэтам хаваецца вельмі глыбокая, шчырая беларуская драма пра эмпатыю. Пра тое, як мы дзелімся на «мы» і «яны», і ці можна зразумець іншага чалавека, толькі літаральна апынуўшыся ў ягонай скуры.
Як будзе праходзіць сустрэча?
Наш кніжны клуб — гэта перад усім прастора для адпачынку і цёплых сяброўскіх размоў. Мы будзем піць гарбату, дзяліцца ўражаннямі ад прачытанага, спрачацца, смяяцца і шукаць уласныя адказы на пытанні, якія ставіць аўтарка.
Карысныя спасылкі:
Рэцэнзія журы Прэміі Гедройця
"Літаратурныя зацемкі" Сяргея Дубаўца