Хто мы
Кожную зіму птушкі з Беларусі ляцяць у вырай - цёплыя краіны, у якіх яны могуць ператрываць халодныя і небяспечныя для свайго жыцця месяцы. Так і беларусы - разляцеліся па ўсім свеце у пошуках бяспечных выспаў, захапіўшы з сабой свой кавалачак Радзімы. Мы прынеслі ў свой вырай кніжкі на роднай мове, каб яна і тое літаратурнае багацце, якое засталося нам ў спадчыну ад нашых славутых продкаў, жылі далей, а птушаняты, змушаныя гадавацца на чужыне, адчувалі вялікія беларускія крылы за сваёй спіной. Так з'явіўся Кніжны вырай - беларуская бібліятэка ў Кракаве, у якой мы назапашваем сапраўдны скарб і набліжаем канец зімы.
Мы - гэта некамерцыйная ініцыятыва, да якой на валанцёрскіх пачатках далучылася некалькі асоб, каб:
- збіраць і апрацоўваць кнігі на беларускай мове,
- стварыць свой унікальны бібліятэчны механізм, які адпавядае нашым і вашым патрэбам,
- ладзіць чытанкі для дзяцей і сустрэчы для дарослых,
- прасоўваць беларускія кніжкі,
- адпавядаць на вашыя запатрабаванні - рабіць размалёўкі і іншыя прыгожыя рэчы, якія натхняюць быць побач з нашымі палічкамі.